Уладзімір Зяленскі вызваліў ад пасады амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма
Ігар Кізім / Еўрарадыё
Уладзімір Зяленскі вызваліў ад пасады амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма. Адпаведны ўказ украінскі прэзідэнт падпісаў 22 чэрвеня. Дасведчаны дыпламат працаваў у нашай краіне з лютага 2017 года, а да таго быў дарадцам-пасланнікам пасольства Украіны ў Вялікабрытаніі. Мае вопыт працы ў галіне міжнароднай бяспекі і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
МЗС Украіны адклікала "для кансультацый" свайго пасла ў Беларусі толькі вясной 2023-га пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком так званай "ДНР" Дзянісам Пушыліным. Кіеў лічыць рэжым Лукашэнкі суагрэсарам, аднак больш за год вайны пакідаў амбасадара ў Мінску. Дыпламаты РБ з'ехалі з Украіны яшчэ зімой 2022-га.
Зусім магчыма, што новы амбасадар Украіны ў Беларусі прызначаны не будзе. Кіеў не лічыць Лукашэнку легітымным кіраўніком краіны.
Наступным крокам можа быць разрыў дыпламатычных адносін, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.