У Вялікабрытаніі атруцілі расійскага перабежчыка з ГРУ

У Вялікабрытаніі атруцілі расійскага перабежчыка з ГРУ

У брытанскім Солсберы невядомай атрутай атручаны перабежчык з расійскага ГРУ (Галоўнае разведвальнае ўпраўленне) Сяргей Скрыпаль

Паводле інфармацыі Бі-Бі-Сі, напярэдадні двое чалавек — 66-гадовы мужчына і маладая жанчына — былі дастаўленыя ў лякарню, бо ім стала кепска ў гандлёвым цэнтры.

Пасля здарэння гандлёвы цэнтр і некаторыя іншыя раёны горада былі ачэпленыя. Спецыялісты ў касцюмах хімічнай абароны праводзілі там дэзінфекцыю. 

Скрыпаль быў асуджаны ў 2006 годзе па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе. У 2010-м яго разам з трыма іншымі расіянамі памілавалі, а пазней абмянялі на затрыманых у ЗША расійскіх агентаў. Цяпер Скрыпаль пражывае ў Вялікабрытаніі.

Паліцыя расследуе здарэнне.

Аглядальнік Бі-Бі-Сі Гордан Карэра звяртае ўвагу на падабенства атручвання Скрыпаля з атручваннем Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе. Былы афіцэр ФСБ Літвіненка памёр у лонданскім шпіталі ва ўзросце 43 гадоў. Як выявілася, ён быў атручаны ізатопам палонію. Грамадскае расследаванне яго смерці прыйшло да высновы што забойства было "верагодна, санкцыянавана" Уладзімірам Пуціным.