У Варшаве памерла мастачка Ніна Маргаева

Ніна Маргаева

Ніна Маргаева / svaboda.org

У Варшаве ва ўзросце 40 гадоў памерла мастачка Ніна Маргаева. Пра гэта са словаў сяброў Ніны паведамляе Радыё Свабода.

У яе застаўся 13-гадовы сын.

Ніна Маргаева хварэла на бакавы аміятрафічны склероз (БАС), які дыягнаставалі ў студзені 2023 года ў Варшаве. Хвароба прагрэсавала.

Ніна Маргаева нарадзілася ў 1984 годзе. У 2007-м скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці "народныя рамёствы" (спецыялізацыя — кераміка). У мастацкіх выставах удзельнічала з 1997 года.

Пасля выбараў 2020 года мастачка падпісала "Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў". У выніку ціску жанчына ў чэрвені 2022-га была вымушаная пакінуць Беларусь з сынам Міронам і спаніэлем Хлояй.

У кастрычніку 2022-га яна запусціла ў Варшаве новы праект "Glieba" — займалася з дзецьмі ў Музеі Вольнай Беларусі.

15 кастрычніка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве прайшла вялікая персанальная выстава мастачкі. На ёй можна было купіць некаторыя творы, атрыманыя грошы ішлі на падтрымку Ніны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.