У суботу ў Беларусі прагназуюцца навальніцы і залевы

Маланка, ілюстрацыйнае фота
У суботу, 19 ліпеня, у Беларусі чакаецца пераважна воблачнае надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Уначы ў асобных раёнах, а зранку і ўдзень — на большай частцы тэрыторыі краіны прагрымяць навальніцы. Падчас навальніц прагназуюцца моцныя залевы, у асобных раёнах магчымы град. Сіноптыкі зноў абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. Пры навальніцах чакаецца моцны парывісты вецер.
Тэрмометры ўначы пакажуць 13-18 градусаў цяпла, удзень чакаецца +21...+27 градусаў.
У нядзелю, 20 ліпеня, таксама прагназуюцца дажджы, месцамі — моцныя. У асобных раёнах краіны прагрымяць навальніцы, днём магчымы град. Тэмпература паветра ўначы складзе 11-18 градусаў са знакам "плюс", удзень чакаецца 18-25 градусаў цяпла.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.