У Скідзелі прадаюць завод, з помпай адкрыты шэсць гадоў таму

Завод, Скідзель / Завод, Скидель

Завод, Скідзель / Завод, Скидель / e-auction.by

Завод у Скідзелі, дзе планавалі выпускаць лекавыя прэпараты, выстаўлены на аўкцыён. Аб'ява з'явілася на сайце "БелЮрЗабеспячэння".

Там пазначана, што на продаж выстаўленае вытворча-складское памяшканне плошчай 2053,7 кв.м. Яно належыць кампаніі "Навалок" і знаходзіцца ў горадзе Скідзель Гродзенскага раёна. Пачатковы кошт лота — 1 060 000 рублёў.

Завод быў урачыста адкрыты ў сакавіку 2019 года. На яго адкрыццё прыехалі тагачасны кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і міністр аховы здароўя Валерый Малашка.

На прадпрыемстве планавалася выпускаць таблеткі і капсулы, у тым ліку прэпараты для лячэння ВІЧ, туберкулёзу і дыябету. Створанае яно было ў рамках сумеснага беларуска-індыйскага інвестыцыйнага праекта, у якім удзельнічалі кампаніі "Белмедпрэпараты" і Lok-beta Pharmaceuticals. Беларускай кампаніі належала доля ў 23,14% акцый, індыскай — 76,86%.

Інвестццыі ў праект склалі каля 3,6 млн долараў.

Сёлета ў кампаніі пачалі назапашвацца даўгі па выплаце падаткаў і унёскаў у бюджэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.