Падсанкцыйны завод атрымаў узнагароду за ўнёсак у развіццё ўзбраенняў

Дыплом для "Легмаша" / тг-канал "Легмаша"
Аршанскі завод "Легмаш" атрымаў узнагароду на выставе MILEX-2025. Прадпрыемства ўзнагародзілі за "значны ўнёсак у развіццё сучасных сістэм узбраення". У тг-канале завода заявілі, што гэты дыплом — "сімвал гонару, адзінства і натхнення".
Дарэчы, завод "Легмаш" трапіў пад міжнародныя санкцыі. Прадпрыемства працуе на расійскі ваенна-прамысловы комплекс, забяспечваючы яго ў вайне супраць Украіны.
Ёсць і яшчэ адзін нюанс, які псуе пафасную карцінку. Як заўважыў канал "Витебск, я гуляю", у афіцыйным каталогу выставы сярод удзельнікаў "Легмаш" не значыцца. Такім чынам, прадпрыемства атрымала ўзнагароду за ўдзел у выставе, у якой, паводле дакументаў, фармальна не ўдзельнічала. Магчыма, гэта было зроблена, каб схаваць ваенную вытворчасць прадпрыемства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.