У Румыніі затрымалі экс-кандыдата ў прэзідэнты і прыхільніка Пуціна
Калін Джарджэску / digi24.ro
26 лютага ў Румыніі затрымалі экс-кандыдата ў прэзідэнты і прыхільніка Пуціна Каліна Джарджэску. Паліцыя спыніла яго аўтамабіль. Ультраправага палітыка-папуліста завезлі на допыт у Генеральную пракуратуру, піша newsmaker.md.
Прэс-служба Джарджэску сцвярджае, што ён ехаў у Цэнтральную выбарчую камісію, каб падаць дакументы для ўдзелу ў новых прэзідэнцкіх выбарах. Нядаўна праваахоўнікі правялі ў Румыніі 47 ператрусаў у пяці акругах у рамках справы "аб прадастаўленні ілжывых даных аб фінансаванні перадвыбарнай кампаніі", а таксама аб стварэнні "арганізацыі фашысцкага, расісцкага або ксенафобскага характару, а таксама прапагандзе культу асоб, вінаватых у генацыдзе". У сераду Каліну Джарджэску афіцыйна выставілі абвінавачванні.
24 лістапада 2024-га ў Румыніі прайшоў першы тур выбараў прэзідэнта. У ім з 13 кандыдатаў большасць галасоў атрымаў Джарджэску, які балатаваўся як незалежны кандыдат. Другое месца заняла лідарка праеўрапейскай ліберальнай партыі Саюз выратавання Румыніі Алена Ласконі. 6 снежня Канстытуцыйны суд Румыніі ануляваў вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў. Падставай для гэтага сталі заявы спецслужбаў пра тое, што Румынія стала мішэнню "гібрыднай атакі" Расіі.