У РБ не можа быць вялікай пенсіі? Павышэнне не зробіць пенсіянераў багацейшымі
ФСАН складана знаходзіць грошы для цяперашніх пенсіянераў. Далей будзе горш / Еўрарадыё
З верасня ў Беларусі на 5% падымуць усе віды працоўных пенсій, то-бок па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля. Да гэтага іх падымалі ў траўні, таксама на 5%. Невялікія павышэнні адбываюцца некалькі разоў на год і дапамагаюць падтрымліваць рэальныя пенсіі прыкладна на адным узроўні.
Паводле папярэдняй ацэнкі Мінпрацы, у сярэднім пенсіі з верасня складуць 737 рублёў. З гэтымі грашыма беларускія пенсіянеры відавочна не змогуць прабавіць старасць у падарожжах хаця б па Беларусі.
Еўрарадыё даведалася, чаму так адбываецца.
Чаму пенсіі павышаюцца, але застаюцца невялікімі?
Пенсіі пералічваюцца некалькі разоў на год, бо нават нізкая інфляцыя азначае, што паступова за тую ж суму можна купіць усё менш. Напрыклад, у траўні пенсіі выраслі на 5% у дачыненні да красавіка, але ў чэрвені ўжо аказаліся на 0,3% ніжэйшыя, чым у траўні. І так з месяца ў месяц пенсіі патроху страчваюць сваю пакупніцкую здольнасць.
З вераснёўскім павышэннем будзе гэтаксама: пенсіянеры могуць чакаць, што спачатку пенсіі ў рэальным выражэнні будуць расці, лічыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна.
— Безумоўна, калі пенсіі павышаюцца ў намінальным выражэнні, то яны будуць павялічаныя і ў рэальным выражэнні. Адпаведна, калі доўга не павышаць іх, то праз інфляцыю, нізкая яна ці высокая, яны ўсё роўна паволі будуць зніжацца ў рэальным выражэнні. Таму перыядычна дзяржава пералічвае пенсіі.
Пакуль выплаты ідуць толькі з ФСАН, пенсіі ў Беларусі проста не могуць стаць высокімі. У ФСАН няма запасаў, а цяперашнія пенсіі забяспечваюцца ўнёскамі цяперашніх работнікаў. Людзі старэюць і з'язджаюць, таму адлічэнняў маладых проста не хапае на старэйшае пакаленне. А магчымасці эфектыўна збіраць на пенсіі самастойна ў Беларусі фактычна няма.
З 1 кастрычніка 2022 года з'явілася праграма, паводле якой беларусы могуць дадаткова адлічваць частку заробку на пенсіі. Дзяржава нават паабяцала дадаваць грошай тым, хто скарыстаецца гэтай праграмай.