У Польшчы хочуць адмяніць тэрміны разгляду спраў аб міжнароднай абароне

Дакументы беларускіх палітуцекачоў, ілюстрацыйнае фота / mm-biuro.pl
У Польшчы хочуць адмяніць абмежаванне тэрмінаў на разгляд спраў аб міжнароднай абароне. Адпаведны законапраект унесены ў Сейм, заўважыла выданне MOST.
Цяпер справы аб міжнароднай абароне павінны разглядацца цягам 6 месяцаў з дня падачы заявы. У складаных выпадках ці пры вялікім наплыве заяваў тэрмін можа павялічвацца да 15 месяцаў. Аднак апошнім часам тэрміны разгляду ўсё часцей падаўжаюць да 15 месяцаў.
У першым паўгоддзі 2025 года па міжнародную абарону звярнуліся 8,5 тысяч чалавек, у тым ліку 5 тысяч украінцаў. Гэта амаль два разы больш, чым у першым паўгоддзі 2024-га — тады заявы падалі 2,7 тысячы ўкраінцаў.
Колькасць беларусаў, якія звярнуліся па абарону, за той жа перыяд знізілася з 2 тысяч да 1,6 тысячы.
Цяпер дэпутатам Сейма прапануюць увогуле адмяніць гэтае абмежаванне. Тады ўпраўленне па справах замежнікаў больш не будзе абавязанае апавяшчаць заяўнікаў, што іх справу не разгледзяць у належны тэрмін. Адпаведна, не будзе і адказнасці за парушэнне тэрмінаў.
У праекце закона аб дапамозе ўкраінскім уцекачам гаворыцца, што норма будзе дзейнічаць толькі да 4 сакавіка 2026 года. Але насамрэч такія рашэнні затым, як правіла, падаўжаюцца і фактычна носяць бестэрміновы характар. Ад сакавіка 2022 года былі адмененыя тэрміны разгляду спраў аб ВНЖ. І, нягледзячы на назву дакумента, гэтая мера закранае не толькі ўкраінцаў, а ўсіх замежных заяўнікаў.
Калі справа пра міжнародную абарону не будзе разгледжаная цягам шасці месяцаў не па віне заяўніка, замежнік па-ранейшаму зможа атрымаць пасведчанне, якое дае права на працу.
Прэс-сакратар упраўлення па справах замежнікаў Якуб Дудзяк заявіў польскім СМІ, што вялікая частка заяўнікаў злоўжывае працэдурай міжнароднай абароны, каб хутка легалізаваць сваё перабыванне ў Польшчы, а мужчыны з Украіны спрабуюць такім шляхам пазбегнуць мабілізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.