У Пінскім раёне таксама з'явяцца блокпасты

Баец тэрытарыяльнай абароны на вучэннях / sb.by
У Пінскім раёне Брэсцкай вобласці таксама з'явяцца блокпасты. Нядаўна іх пачалі ўзводзіць у суседнім Столінскім раёне. Пінскі райвыканкам супакойвае мясцовых жыхароў, піша ў сацсетках, што "гэта вучэнні". Яны прысвечаны "мантажу блокпастоў і арганізацыі прапускной здольнасці руху транспарту" (на ўчастках дарог Р-6, Р-8 і М-10).
"Грамадзянскія службы адпрацуюць практыку ўзвядзення збудаванняў з бетонных блокаў, а праваахоўнікі — парадак працы ва ўмовах прапускнога рэжыму", — паведамляе райвыканкам.
Пінскі і Столінскі раёны — памежныя з Украінай. У Ровенскай вобласці з мінулага года ўзводзяцца абарончыя збудаванні — украінцы рыхтуюцца адбіць магчымую атаку з Беларусі.
Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў: "Мы нападаць на Беларусь не збіраемся і ніколі не збіраліся. Няма такіх намераў... Гэта галоўны сігнал ад усяго ўкраінскага народа да беларускага народа".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.