“У падарожны дакумент можна паставіць візу”: як беларусу вандраваць без пашпарта

Падарожны дакумент дае магчымасць вандраваць, але не дае правоў грамадзяніна.

Падарожны дакумент дае магчымасць вандраваць, але не дае правоў грамадзяніна.

Пратэрмінаваны або згублены пашпарт для грамадзян Беларусі за мяжой — хіба не самы вялікі галаўны боль. Але шмат якія краіны выдаюць падарожныя, або праязныя, дакументы (travel documents). Яны не замяняюць грамадзянскі пашпарт і не пацвярджаюць легалізацыю ў краіне (для гэтага трэба мець від на жыхарства), але адкрываюць магчымасці для падарожжаў.

Куды можна паехаць з такім дакументам і што трэба мець на ўвазе? У гэтым Еўрарадыё дапамагла разабрацца юрыстка міграцыйнага праекта “Прававой інцыятывы” Крысціна Рыхтэр.

Розныя тыпы падарожных дакументаў

— Падарожныя дакументы выдаюцца ў некалькіх варыянтах. Першы — выдаецца ўцекачам згодна з Жэнеўскай канвенцыяй аб статусе ўцекачоў. Другі варыянт — падарожны дакумент для замежнікаў, які выдаецца згодна з нацыянальным заканадаўствам краіны, — тлумачыць розніцу юрыстка.

Часцей за ўсё беларусы атрымліваюць звычайныя падарожныя дакументы замежніка. Яго выдаюць шмат якія краіны Еўрасаюза: Польшча, Літва, Германія, Аўстрыя і іншыя. У кожнай краіны свае ўмовы для атрымання такога дакумента.

— У Польшчы раней падарожны дакумент для замежніка маглі атрымаць людзі, у якіх ёсць пастаянны від на жыхарства. Пасля зменаў, якія былі ўнесеныя ў заканадаўства, дзякуючы працы маёй, Вольгі Дабравольскай з Цэнтра беларускай салідарнасці, гэтая магчымасць з’явілася ва ўсіх беларусаў, у якіх ёсць нават часовы від на жыхарства ў Польшчы. Цяпер тэрмін дзеяння гэтых умоваў працягнулі да чэрвеня 2025 года, — прыводзіць прыклад Крысціна Рыхтэр.

Падарожны дакумент не дае правоў грамадзяніна ЕС

З падарожжамі ў межах Еўрасаюза ўсё проста. Грамадзянін Беларусі павінен мець пры сабе або пашпарт з шэнгенскай або нацыянальнай візай, або часовы ці пастаянны від на жыхарства краіны ЕС і дакумент, які пацвярджае асобу. Гэта або беларускі пашпарт, або праязны дакумент. Хоць памежны або паліцэйскі кантроль у ЕС здараецца рэдка, усё ж варта мець дакументы пры сабе.

“У падарожны дакумент можна паставіць візу”: як беларусу вандраваць без пашпарта
Нават з ВНЖ адной з краін ЕС вандраваць па Еўропе трэба з пашпартам / Еўрарадыё

Але за межамі ЕС падарожны дакумент прызнаюць не ўсе дзяржавы.

— Калі краіна з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі аб статусе ўцекача, то яна прызнае падарожны дакумент уцекача. Калі не з’яўляецца — не прызнае. Але ў гэты ж час яна можа прызнаваць, напрыклад, падарожны дакумент Польшчы. А можа не прызнаваць. Тут лёгкага адказу няма, — разважае юрыстка. — Варта ўлічваць нацыянальнае заканадаўства аб уездзе ў краіну. Напрыклад, Арабскія Эміраты не прызнаюць статус уцекачоў, не прызнаюць і праязныя дакументы ўцекачоў, выданыя любымі краінамі. То-бок, з дзейным пашпартам грамадзяніна Беларусі наведаць ААЭ можна, інакш — не.

Складана? Але спрабуем разабрацца.

Як планаваць вандроўкі беларусам з праязнымі дакументамі

Пры планаванні вандроўкі Крысціна Рыхтэр раіць задацца некалькімі вельмі важнымі пытаннямі.

Шмат дзе на сайтах авіякампаній ёсць раздзелы, дзе напісана, якія ёсць патрабаванні да візаў, падарожных дакументаў. 

Падкажу інструмент, якім асабіста я карыстаюся: сайт traveldoc.aero. Там уводзіце вашую нацыянальнасць, краіну, цалкам ваш маршут, якімі дакументамі вы карыстаецеся — і сістэма падкажа, ці ёсць магчымасць уехаць у крану, ці няма. Ён не дае 100% гарантыі, але іншага зручнага інструмента пакуль няма. Гэта дае падставовую інфармацыю для разумення.

Я не давяраю на 100% той інфармацыі, якая размешчаная на сайтах авіякампаній, але гэта можа быць званочкам — можа, не варта разглядаць гэтую авіякампанію, або не варта ўвогуле разглядаць гэтую краіну для візіту.

Віза ў бязвізавыя для беларусаў краіны — нешта новае?

— Вось, напрыклад, у Turkish Airlines чытаем: “З 28 студзеня 2025 года дакументы, якія пацвярджаюць асобу, завуцца падарожнымі дакументамі і выдаюцца некаторымі еўрапейскімі краінамі, не лічацца заменай турэцкага праязнога дакумента”, — працягвае экспертка.

“У падарожны дакумент можна паставіць візу”: як беларусу вандраваць без пашпарта
Мае сэнс правяраць правілы авіякампаній

Але гэта не азначае, што ў Турцыю ехаць увогуле нельга! Turkish Airlines з падарожнымі дакументамі чамусьці звязвацца не хоча, а вось WizzAir — прымае. Але аднаго толькі падарожнага пашпарта недастаткова: трэба ў яго атрымаць візу.

Візы ў бязвізавыя краіны — нешта новае, з чым давядзецца сутыкнуцца беларусам — уладальнікам праязнога дакумента іншаземца. Паміж Беларуссю і некаторымі дзяржавамі ёсць пагадненне аб бязвізавых паездках — напрыклад, з той жа Турцыяй, Грузіяй, Сербіяй, Чарнагорыяй, Ізраілем, Украінай і гэтак далей.

“У падарожны дакумент можна паставіць візу”: як беларусу вандраваць без пашпарта
Варта зврятаць увагу на краіны, якія прымаюць падарожны пашпарт / Еўрарадыё

— Невідавочны прыклад — Украіна. Для беларусаў дзейнічае бязвізавы рэжым. І падаецца, што калі вы атрымліваеце нейкія іншыя дакументы, вы можаце спакойна ўехаць у гэтую краіну. Але ў дадатку да пагаднення аб бязвізавых паездках паміж Беларуссю і Украінай напісана, якія дакументы з’яўляюцца дзейнымі для ўезду, выезду, руху транзітам або знаходжання на тэрыторыі дзяржавы.

Для Беларусі такі пералік: пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, дыпламатычны пашпарт, службовы пашпарт, нацыянальнае пасведчанне асобы марака, пасведчанне члена экіпажа паветранага судна, пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь.

Калі грамадзянін Беларусі хоча паехаць ва Украіну, але ў яго няма дакумента з гэтага пераліку, бязвізавы рэжым для яго не працуе! Таму трэба ў свой падарожны дакумент атрымаць візу [пры гэтым падчас вайны на сайтах консульстваў Украіны знікла магчымасць для запісу грамадзянінам Беларусі на атрыманне віз — Еўрарадыё].

Так, у праязныя дакументы замежнікаў ставяць візы таксама такія краіны, як Вялікабрытанія, ЗША, — звяртае ўвагу Крысціна Рыхтэр, юрыстка “Прававой ініцыятывы”.

Падсумуем: візу папросяць у Турцыі (і не электронную, а “аналагавую” — у выглядзе налепкі ў трэвэл-дакуменце), Сербіі, Ізраілі.

А вось Грузія і Албанія — прымаюць дакументы падарожнікаў і не патрабуюць візу.

Як праверыць, якія дакументы патрэбныя?

— На старонцы консульства краіны, куды вы збіраецеся, таксама можна пашукаць двухбаковыя пагадненні з Беларуссю, калі яны ёсць, паглядзець нацыянальнае заканадаўства гэтай краіны.

Можна звязацца з консульствам краіны, куды вы збіраецеся, у той краіне, дзе вы знаходзіцеся. Я спрабавала звяртацца пісьмова, каб атрымаць пісьмовы адказ.

Яшчэ можна звярнуцца ў памежную службу краіны, куды вы збіраецеся ехаць. Бо менавіта памежнікі будуць прымаць рашэнне аб вашым уездзе ў краіну.

Варта набрацца цярплівасці. Я збіраю гэтыя дадзеныя, правяраю іх, і мару зрабіць агульны даведнік для беларусаў. Відавочна, што сярод беларусаў уладальнікаў такіх дакументаў будзе станавіцца больш. Але пакуль трэба ўсё самастойна спраўджваць і атрымліваць уласны досвед, — падсумоўвае Крысціна Рыхтэр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.