У настаўнікаў у школах Рагачова масава правяраюць тэлефоны — праваабаронцы
Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Рагачове пачаліся масавыя праверкі тэлефонаў настаўнікаў і вучняў. Пра гэта стала вядома гомельскім праваабаронцам. Сілавікі праводзяць масавую "адпрацоўку" ў школах, шукаюць у тэлефонах педагогаў і дзяцей падпіскі на так званыя экстрэмісцкія рэсурсы альбо перапіскі з арганізацыямі, якія беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі".
Праваабаронцы мяркуюць, што праверкі ў школах звязаныя з тым, што ў СМІ трапіла інфармацыя аб звальненні дырэктара школы № 4 Рагачова Аляксандра Лейкіна. Яго таксама судзілі па адміністрацыйнай справе за так званае распаўсюджванне экстрэмізму. Магчыма, сілавікі шукаюць крыніцу, якая паведаміла праваабаронцам пра рэпрэсіі супраць педагога.