У МЗС Аўстрыі вырашылі, што ў Беларусі скончыліся рэпрэсіі? Дыяспара ў шоку

Лепей не стала

Лепей не стала / dpa

"Тут што, лічаць, што ў Беларусі скончыліся рэпрэсіі?"

Беларускія праваабаронцы і дыяспара звярнулі ўвагу на нечаканае абнаўленне на сайце аўстрыйскага МЗС. Паводле ацэнкі спецыялістаў, Аўстрыя змяніла ўзровень бяспекі для Беларусі з 4 на 3 гэта значыць цяпер фармальна краіна лічыцца менш небяспечнай?

— Што менавіта палепшылася? Што ведае міністэрства, чаго не ведаем мы, нашыя сем'і і праваабарончыя арганізацыі? Наадварот, сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, — рэагуюць беларусы ў сацыяльных сетках.

Як патлумачылі Еўрарадыё ў Федэральным міністэрстве па еўрапейскіх і міжнародных справах Аўстрыі, з кастрычніка 2025 года краіна перайшла на новую сістэму адзнакі рызык. У ёй узровень 4 быў тэхнічна заменены на ўзровень 3 без змены сутнасці.

— Для Беларусі ацэнка засталася ранейшай: высокая рызыка для ўсёй краіны, — удакладняюць у ведамстве.Да канца верасня 2025 года Аўстрыя выкарыстоўвала сістэму з шасці узроўняў ацэнкі рызык бяспекі, якая выглядала наступным чынам:

Узровень 1 адсутнасць рызыкі.

Узровень 2 невялікая рызыка для бяспекі.

Узровень 3 высокая рызыка для бяспекі ў асобных рэгіёнах краіны.

Узровень 4 высокая рызыка для бяспекі ў краіне агулам.

Узровень 5 папярэджанне пра паездкі для асобных рэгіёнаў.

Узровень 6 папярэджанне пра паездкі  для краіны агулам.


Пачынаючы з кастрычніка 2025 года гэтая сістэма была зменена:

Узроўні 1 і 2 засталіся без змен.

Узровень 3 высокая рызыка для ўсёй краіны або для асобных яе частак (з дадатковым узроўнем для іншых рэгіёнаў гэтай краіны).

Узровень 4 папярэджанне пра паездкі для ўсёй краіны ці асобных яе частак (з дадатковым узроўнем для іншых рэгіёнаў гэтай краіны)”.

Падобныя змены без тлумачэнняў уводзяць людзей у зман і могуць стварыць уражанне, быццам сітуацыя ў Беларусі сапраўды стабілізавалася, хаця рэпрэсіі, арышты і ціск на сем'і палітвязняў працягваюцца штодня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.