У Мінску па запыце Азербайджана затрымалі расійска-ізраільскага блогера
У Мінску па запыце Азербайджана затрымалі расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына. Ён незаконна наведаў Карабах, інфармуе сайт azeri.today. Пра тое, што яго затрымала мінская міліцыя, Лапшын уначы напісаў у сваім фэйсбуку. Ён знаходзіўся ў Першамайскім РУУС.
Лапшын неаднаразова наведваў Нагорны Карабах (спрэчную тэрыторыю, якая знаходзіцца пад кантролем Арменіі і якую прагне вярнуць Азербайджан), за што яшчэ ў 2011 годзе быў уключаны ў "чорны спіс" міністэрства замежных спраў Азербайджана. Аднак у чэрвені 2015-га блогер заехаў у Азербайджан праз тэрыторыю Грузіі па ўкраінскім пашпарце. Яму ўдалося прайсці памежны кантроль, дзякуючы таму, што ва ўкраінскім пашпарце імя "Аляксандр" было запісана па-ўкраінску — "Олександр". У выніку Аляксандр Лапшын пабываў у Баку.
Сайт Azeri.Today пацвярджае, што Азербайджан сапраўды абвясціў Лапшына ў міжнародны вышук за парушэнне закона "Аб дзяржаўнай мяжы" і міграцыйнага кодэкса. Цяпер структуры Беларусі і Азербайджана вядуць перамовы аб перадачы затрыманага ў Баку і прыцягненні яго да адказнасці.
Вядома, што ў Лапшына таксама ёсць пашпарты Украіны і Канады.