У Мінску абвешчаны прысуд па "справе фінансістаў"
Ён прагучаў 31 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы.
Як паведамляе БелаПАН, былы старшыня назіральнага савета ААТ "Тэхнабанк" Уладзіслаў Кацарэнка прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Па справе разам з Кацарэнкам праходзілі яшчэ тры чалавекі. Двух з іх суд прыгаварыў да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, яшчэ адзін асуджаны на пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Агулам па гэтай справе праходзілі восем фігурантаў. Сярод выстаўленых ім абвінавачанняў — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, ухіленне ад выплаты падаткаў, махлярства, падробка дакументаў.
Кацарэнку затрымалі 2 сакавіка 2012 года. З абвінавачання вынікала, што ён дапамагаў кіраўнікам прыватных кампаній ўхіляцца ад выплаты падаткаў, падаваў прыватным кампаніям падробленыя дакументы і рэквізіты падкантрольных яму ілжэпрадпрымальніцкіх структур — рэзідэнтаў Расіі ды Вялікабрытаніі, арганізаваў незаконны абмен валюты ў велізарных маштабах. Шкода ад нявыплачаных падаткаў ацэньвалася ў 7 мільярдаў рублёў, незаконны даход, атрыманы групай ад усіх відаў незаконнай дзейнасці, — у 417 мільярдаў рублёў.
Фото — infobank.by