У МАРГа ёсць прэтэнзіі да яшчэ адной гандлёвай сеткі

Парушэнні знайшлі амаль ва ўсіх крамах (ілюстрацыйнае фота) / sb.by
У Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі ёсць прэтэнзіі да яшчэ адной гандлёвай сеткі. Гэта "Капеечка", якая належыць ЗАТ "Дабраном". Парушэнні выявілі ў 96 адсотках яе аб'ектаў.
Прэс-служба МАРГ паведамляе, што па згаданай гандлёвай сетцы "праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы". Маніторынг даў сумныя вынікі. Якія менавіта парушэнні выявілі чыноўнікі, не ўдакладняецца. Аднак міністэрства адзначае, што "выдадзены прадпісанні аб забароне рэалізацыі прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці". Відаць, гэта асноўная прэтэнзія.
"Дабраном" мае ў нашай краіне больш за 1100 рознічных гандлёвых аб'ектаў.
Нядаўна МАРГ праверыў гандлёвую сетку "Суседзі". Парушэнні знайшлі ў 86% яе крам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.