У Літве чарговы рэкорд восені: з Беларусі за суткі прарываліся 149 мігрантаў
У Літве чарговы рэкорд восені 2021-га. З Беларусі за апошнія суткі прарываліся 149 мігрантаў. Літоўскія памежнікі іх не прапусцілі і развярнулі назад (за выключэннем 11 чалавек, якіх затрымалі), паведамляе bns.lt. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны тыдзень таму — 121 чалавек.
Тым часам, у Літве ідзе дасудовае расследаванне па факце парушэння дзяржаўнай мяжы афіцэрам памежнай службы Беларусі. Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары 18 кастрычніка ў Друскеніцкім раёне. Тры беларускія памежнікі наблізіліся да мяжы, а пасля адзін з іх пайшоў далей, на літоўскую тэрыторыю, аглядаючы яе. Калі беларусаў заўважылі літоўскія памежнікі, яны вярнуліся.
Польскія памежнікі паведамілі пра 612 мігрантаў, якія за апошнія суткі спрабавалі нелегальна перайсці мяжу.