У лагеры на хлопчыка ўпала футбольная брама, ён у цяжкім стане
На месцы здарэння / t.me/skgovby/
У аздараўленчым лагеры на хлопчыка ўпала футбольная брама, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Беларусі. Раніцай 27 чэрвеня група падлеткаў па чарзе заскаквалі на перакладзіну брамы, каб падцягнуцца. Пад цяжарам вагі аднаго з іх металічная канструкцыя ўпала. Пацярпеў 13-гадовы хлопчык. Ён знаходзіцца ў бальніцы, стан ацэньваецца як стабільна цяжкі.
Высветлілася, што футбольная брама не была замацаваная. Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.
Падобныя здарэнні ў Беларусі, на жаль, нярэдкія. У 2017-м у Салігорскім раёне загінуў 12-гадовы хлопчык, на якога ўпала футольная брама. Ён павіс на металічнай канструкцыі і разгойдваў яе. У 2019-м 11-гадовы хлопчык пры тых жа абставінах загінуў у Баранавіцкім раёне. Шэсць гадоў таму незамацаваная футбольная брама ўпала на двух падлеткаў у Мінску, яны атрымалі траўмы. У 2018-м у сталіцы траўму атрымаў 11-гадовы хлопчык. Летась у Мінску памёр 12-гадовы школьнік, на якога ўпала металічная футбольная брама. У чэрвені сёлета суд па гэтай справе прызначыў намесніцы дырэктара ЖЭУ за неналежнае выкананне службовых абавязкаў тры гады папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення.