У Кобрыне ў кватэры шматдзетнай маці выявілі наркапрытон
30-гадовую жанчыну затрымалі разам з трыма мясцовымі жыхарамі. У іх адносінах распачатыя крымінальныя справы.
У Кобрыне праваахоўнікі ліквідавалі наркапрытон. Ён знаходзіўся ў двухпакаёвай кватэры жылога дома па вуліцы Дружбы. Міліцыянеры звярнулі ўвагу, што туды зачасцілі людзі, якія былі вядомыя, як наркаманы. З'явілася інфармацыя, што ў кватэры вырабляюцца наркотыкі.
Як інфармуе прэс-служба міліцыі Брэсцкай вобласці, аперацыя праводзілася пры сілавой падтрымцы байцоў АМАПу. Інфармацыя пра наркапрытон цалкам пацвердзілася — там выраблялі опій. Сярод чатырох затрыманых наркаспажыўцоў апынулася і 30-гадовая гаспадыня кватэры. Разам з ёй жылі чацвёра дзяцей, старэйшаму з іх 11 гадоў (па іншых звестках — 13), астатнім — 7, 6 і 3 гады.
У адносінах чатырох затрыманых у наркапрытоне распачатыя крымінальныя справы. Партал tut.by дадае, што супраць шматдзетнай маці могуць распачаць крымінальную справу за арганізацыю прытона для спажывання наркатычных сродкаў.
Фота: Fotolia