У Гомелі новы палітычны працэс — гамельчука абвінавачваюць па 9 артыкулах КК
Дзяніс Жалезка / gomelspring.org
У Гомельскім абласным судзе сёння пачынаецца суд па справе Дзяніса Жалезкі. Мужчыну абвінавачваюць паводле 9 артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:
- "распальванне іншай сацыяльнай варожасці або разладу" (ч. 1 арт. 130);
- "паклёп” (арт. 188);
- "незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных" (ч. 3 арт. 203-1);
- "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" (ч. 1 арт. 342);
- "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 и ч. 2 арт. 361-4);
- "паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі" (ч. 2 арт. 367);
- "абраза Аляксандра Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368);
- "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369);
- "дыскрэдытацыя РБ" (арт. 369-1).
Пра Дзяніса вядома, што ён родам з Петрыкава, скончыў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі. Апошнім часам працаваў у гандлёвым доме Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната. Прадпрыемства знаходзіцца ў Гомелі. Паводле звестак "Гомельскай вясны", апошні запіс на старонцы Дзяніса ў сацсетках быў зроблены яшчэ ў сакавіку 2022 года. Праваабаронцы цяпер спрабуюць высветліць абставіны гэтай справы.
Суд зрабілі закрытым, але вядома, што працэс прызначылі весці суддзю Дзмітрыя Казлова.