У фонду, куды прыходзілі грошы для КР, — новы кіраўнік замест Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё
Новым старшынёй праўлення фонду BIAŁORUŚ LIBERTY стаў былы вайсковец Віталь Пацехін. Раней гэтым фондам кіравала старшыня Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, якая знікла два тыдні таму.
Замена кіраўніка адбылася 9 красавіка 2025 года, заўважыла "Наша Ніва".
Паведамлялася, што менавіта на рахунак гэтага фонду прыходзілі грошы на дзейнасць Каардынацыйнай рады і "Кіберпартызанаў". Пасля знікнення Мельнікавай ні КР, ні "Кіберпартызаны" не мелі доступу да сродкаў.
Капітан Віталь Пацехін быў завочна асуджаны ў Беларусі на 24 гады зняволення. Яго абвінавацілі ў атацы на базу АМАПу ў 2021 годзе. Паведамлялася, быццам былы вайсковец пры дапамозе кантрабандыстаў даставіў з Украіны дрон з вялікай грузападымальнасцю. У ноч на 25 верасня 2021 года ён з дапамогай беспілотніка скінуў на базу АМАП дзве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумессю. Пасля гэтага Пацехін пакінуў Беларусь па падрыхтаваных шляхах адыходу. Выбухі не прычынілі базе якіх-небудзь значных пашкоджанняў.
У Польшчы Пацехін узначальвае фонд SNB — гэта кампанія, якая займаецца аптовым гандлем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.