Анджэй Халіцкі, які выступіў ад імя фракцыі Еўрапейскай народнай партыі, згадаў пра пратэсты беларусаў на польска-беларускай мяжы. "Лукашэнка замкнуў беларусаў унутры краіны, — гаварыў ён. — Краіна ператвараецца ў гіганцкую турму".
Віёла фон Краман-Тубадэль з фракцыі "Зялёныя — Еўрапейскі свабодны альянс" заявіла, што "сотні і сотні беларусаў, якія пратэставалі супраць Лукашэнкі, зараз знаходзяцца ў турмах". І што ЕС занадта павольна рэагуе на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Дэпутат не выключае, што сітуацыя ў Беларусі можа пагоршыцца.
Напрыканцы пасяджэння слова зноў узяў Барэль. "Няма сумненняў, што рэпрэсіі ў Беларусі толькі ўзмацняюцца, — казаў ён. — Сітуацыя дасягнула таго ўзроўню, калі за любое крытычнае выказванне ідуць рэпрэсіі". Па словах кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, тое, што на вуліцах беларускіх гарадоў ужо няма масавых пратэстаў, "не азначае вяртання да нармальнага жыцця, гэта толькі вынік брутальных рэпрэсій".
"Я згодны з вамі, што мы павінны працягнуць ціск і на Пуціна, выкарыстоўваючы ўсе нашы магчымасці і інструменты", — заявіў Жазэп Барэль. Ён нагадаў, што "канчатковая мэта — правядзенне сумленных і свабодных выбараў" у Беларусі.