У чарзе па талон у жодзінскую паліклініку памёр мужчына
Паліклініка ў Жодзіне / zhcgb.by
У Жодзіне ў чарзе ў паліклініку памёр мужчына. Гэта здарылася 3 кастрычніка, піша EX-PRESS.BY са словаў відавочцаў.
"Мужчына прыехаў у паліклініку на ровары, прыкладна ў 6:30, сядзеў у чаканні, пакуль адкрыецца рэгістратура. Мёртвым яго выявіў іншы чалавек, які таксама стаяў у чарзе", — кажа сведка.
На выгляд памерламу мужчыну было за 70 гадоў.
Жодзінцы наракаюць, што каб узяць талон да некаторых дактароў, прыязджаць у паліклініку даводзіцца вельмі рана.
Гарадская газета ў снежні 2023 года прызнала недахоп талонаў да вузкіх спецыялістаў, але абвінаваціла ў ёй саміх пацыентаў. Маўляў, жодзінцы самастойна выбіраюць вузкага спецыяліста без папярэдняй кансультацыі. А некаторыя пацыенты, маючы талон, не прыходзяць на прыём, што зўплывае на даступнасць талонаў.