У Брэсце будуць судзіць беларуса за намер з'ехаць добраахвотнікам ва Украіну

Мужчыну будуць судзіць, хутчэй за ўсё, не за ўдзел, а толькі за замах на ўдзел / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Берасці сёння будуць судзіць Андрэя Маслова за тое, што ён планаваў з'ехаць добраахвотнікам ва Украіну. Справу завялі па арт. 361-3 КК РБ "Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу". Праваабаронцы мяркуюць, што Маслова будуць судзіць не за ўдзел, а толькі за замах на ўдзел.
Гэта ўжо трэці такі працэс, пра які вядома праваабаронцам. У канцы ліпеня Брэсцкі абласны суд асудзіў на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за жаданне зрабіцца добраахвотнікам ва Украіне 37-гадовага жыхара Брэста Сяргея Вайцюка. Вайцюк паехаў ва Украіну пасля таго, як пасварыўся з сям'ёй. У той момант ён быў нецвярозы — усім сустрэчным расказваў пра свой намер далучыцца да добраахвотнікаў. Нават беларускім памежнікам, якія яго "развярнулі" і параілі ехаць дадому. Але мужчына да іх парадаў не прыслухаўся і зрабіў яшчэ адну спробу. У выніку на яго завялі крымінальную справу.
Акрамя таго, на тры гады калоніі па гэтым артыкуле быў асуджаны і 50-гадовы жыхар Салігорскага раёна Міхаіл Лістападаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.