У Белгарадскай вобласці Расіі падоўжылі датэрміновыя школьныя канікулы
Напярэдадні адзін са снарадаў трапіў у ФАК горада Шабекіна / @vvgladkov
Губернатар Белгарадскай вобласці Расіі Вячаслаў Гладкоў рэкамендаваў школам рэгіёна яшчэ на тыдзень падоўжыць датэрміновыя канікулы. Дзеці там не вучацца з 17 кастрычніка. Але рэгіён у апошнія дні знаходзіцца пад абстрэламі і, са словаў Гладкова, да яго звярнуліся бацькі школьнікаў.
"Мера абсалютна вымушаная, пытанне тычыцца бяспекі і аператыўнай абстаноўкі. Спадзяюся, што да наступнага чацвярга будзем прымаць далейшае рашэнне", — напісаў губернатар у Telegram.
Толькі ўчора ў рэгіёне былі два надзвычайныя здарэнні. Спачатку снарад прыляцеў у адзін з аб'ектаў інфраструктуры Белгарада, былі праблемы з энергазабеспячэннем. Яго цалкам аднавілі толькі ўвечары. Днём пад абстрэлам аказаўся горад Шабекіна. Тры чалавекі пацярпелі. Адзін са снарадаў трапіў у мясцовы ФАК.