У "Беларускага Дома ў Варшаве" могуць адабраць будынак

Беларускі дом у Варшаве / facebook.com/BelaruskiDom
Будынак “Беларускага Дома” ў Варшаве могуць адабраць. Пра гэта ў сацсетках паведаміў журналіст Ігар Кулей.
"І справа нават не ў тым, што паўсюдна скарачаецца фінансаванне і закрываюцца чарговыя ініцыятывы. А ў тым, што беларусы ў эміграцыі не навучыліся аптымальна распараджацца рэсурсамі, якія ў нас ёсць", — піша Кулей.
Журналіст нагадвае, што будынак перадалі беларусам чатыры гады таму. За гэты час будынак даваеннага часу так і не быў адрамантаваны.
"Ці можна было чатыры гады не губляць час і інвеставаць у сваё, і падтрымліваць сваё? Думаю, што можна. Але гэта ўжо наступны лэвэл арганізаванасці — талакой пабудаваць адну сінагогу на ўсіх. Дзеля гэтага трэба адчуваць сябе сапраўднай супольнасцю і зазірнуць за гарызонт падзеяў. Адказаць сабе на пытанне: што я асабіста атрымаю заўтра, калі сёння дапамагу суседу, замест таго, каб выкалаць яму вочы? А я ведаю прозвішчы і такіх беларусаў, што хадзілі і прасілі польскі бок забраць гэты будынак", — разважае Кулей.
Ён заклікае арганізатараў сустрэч, канферэнцый ды івэнтаў звярнуць увагу на гэты будынак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.