У Беларусі пашырылі спіс падстаў для анулявання рэгістрацыі даменных імёнаў

ААЦ працягвае абнаўляць "чорны спіс" (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com
У Беларусі пашырылі спіс падстаў для анулявання рэгістрацыі даменных імёнаў. Унесены чарговыя змены ў інструкцыю аб іх рэгістрацыі ў нацыянальнай даменнай зоне. Адпаведны загад выдаў Аператыўна-аналітычны цэнтр.
У дакуменце, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале (ён пачынае дзейнічаць з моманту афіцыйнай публікацыі), адзначаецца, што "пры выяўленні даменнага імя, здольнага нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, адміністратар нацыянальнай даменнай зоны мае права прыняць рашэнне аб ануляванні запісу аб яго рэгістрацыі". Згаданае даменнае імя ўнясуць у спецыяльны "чорны спіс". На працягу 45 каляндарных дзён яго выстаўляюць на аўкцыён.
Тэхнічным адміністратарам беларускай даменнай зоны з'яўляецца ТАА "Беларускія воблачныя тэхналогіі".
Папярэднія змены ў Інструкцыю аб рэгістрацыі даменных імёнаў у нацыянальнай даменнай зоне былі ўнесены вясной 2024-га. У адпаведнасці з імі, дамены праектаў, прызнаных у РБ "экстрэмісцкімі матэрыяламі", пачалі аўтаматычна анулявацца пасля ўключэння ў так званы "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў". Ужо тады існаваў "спецыяльны пералік" даменных імёнаў, які працягвае абнаўляцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.