У Беларусі чакаюцца змены ва ўрадавай пастанове аб рэгуляванні цэн
У Беларусі шукаюць "справядлівую" формулу цэнаўтварэння / sb.by
У Беларусі чакаюцца змены ва ўрадавай пастанове "Аб сістэме рэгулявання цэн" (№ 713 ад 19 кастрычніка 2022-га). Іх падрыхтавала Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Вядома, што, сярод іншага, прапануецца "істотна скараціць пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца", "даць права вытворцам усталёўваць адпускныя кошты зыходзячы з узроўню рэнтабельнасці, які склаўся ў прадпрыемства ў апошнія гады" і "вызначыць для айчынных тавараў ўзровень гандлёвай надбаўкі, звычайна не меншы, чым для імпартнай прадукцыі".
Чыноўнікі мяркуюць, што згаданыя змены "дазволяць значна знізіць адміністрацыйную нагрузку на вытворцаў і гандаль, павысіць іх фінансавыя вынікі, не аказаўшы значнага ўплыву на змяненне рознічных цэн для спажыўцоў".
МАРГ адзначае, што змены ва ўрадавую пастанову былі падрыхтаваны з улікам даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі, якія ён даў на нарадзе 28 лютага 2025-га. На ёй было прынята рашэнне, што існуючая сістэма рэгулявання цэн будзе дапрацавана. Выніковы дакумент урад мусіць прадаставіць Лукашэнку да 25 сакавіка. Як вядома, ён патрабуе напісаць "справядлівую" формулу цэнаўтварэння.