У 2018 годзе беларусы будуць кампенсаваць 62,5% кошту паслуг ЖКГ

У 2016—2020 гадах узровень кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг будзе павышацца штогод. Такія прапановы разглядаюцца ў межах падрыхтоўкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў, якая мусіць быць зацверджана сёлета на Усебеларускім народным сходзе.

У 2015 годзе тарыфы насельніцтва пакрыюць прыкладна траціну затрат, звязаных з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг. У перыяд з 2016 года па 2018 гады узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне такіх паслуг будзе павышацца прыкладна на 10% штогод і дасягне 62,5% у канцы 2018.

У 2018 годзе насельніцтва будзе цалкам пакрываць кошт усіх жыллёва-камунальных паслуг, за выключэннем цеплазабеспячэння. Па цеплавой энергіі (ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне) акупнасць затрат насельніцтвам плануецца давесці ў 2020 годзе да 30%, што прыкладна ўдвая вышэй за цяперашні ўзровень, паведамляе БелаПАН.

Разам з ростам тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў новай пяцігодцы плануецца і рост тарыфаў на транспартныя паслугі. Мяркуецца, што ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на пасажырскія перавозкі ў Мінску вырасце з цяперашніх 50% да 75% у 2020 годзе.

Фота: finance.tut.by