Туск распусціў камісію па расследаванні ўплыву Расіі і Беларусі

Дональд Туск / PAP
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск распусціў камісію па расследаванні ўплыву Расіі і Беларусі на ўнутраную бяспеку і інтарэсы Польшчы ў 2004-2024 гадах. Адпаведнае распараджэнне апублікаванае ў чацвер, перадае РАР.
Ліквідацыю камісіі прадпісана завяршыць 30 верасня.
Камісія была створаная летась у траўні з ініцыятывы самога Туска. Узначальваў яе начальнік службы ваеннай контрразведкі генерал Яраслаў Строжык, з ім працавалі яшчэ 11 спецыялістаў.
За час працы камісія зрабіла тры даклады. Першы прысвячаўся пераважна аналізу працы спецслужбаў. Па яго выніках у пракуратуру было пададзенае хадайніцтва аб магчымай дыпламатычнай здрадзе былога міністра абароны Антонія Мацярэвіча (партыя "Права і справядлівасць").
У другім дакладзе асвятляліся пытанні дэзінфармацыі. Там сярод іншага разглядаўся мігранцкі штурм польскага пункта пропуску "Кузніца" ў канцы 2021 года і выказваліся прэтэнзіі да беларускіх блогераў, якія пісалі пра сітуацыю.
Сёлета ў красавіку быў падрыхтаваны трэці даклад.
Дарэчы,камісія Туска была створана ўзамен аналагічнай камісіі, якую раней стварыла кіруючая тады партыя "Права і справядлівасць". Калі ўвосень 2023-га большасць у парламенце атрымала цяперашняя кааліцыя, праца той камісіі была спыненая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.