Тры ўзброеныя асобы перасеклі мяжу: Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту

Беларуска-літоўская мяжа / LRT
6 чэрвеня ў МЗС Літвы быў выкліканы прадстаўнік амбасады Беларусі. Яму ўручылі ноту пратэсту праз інцыдэнт, які адбыўся ўвечары 4 чэрвеня на беларуска-літоўскай мяжы.
Паводле заявы Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, у той дзень тры ўзброеныя асобы перасеклі мяжу і зайшлі на літоўскую тэрыторыю з Беларусі. Парушэнне было зафіксавана супрацоўнікамі заставы Віленскага памежнага атрада.
"Па папярэдніх звестках, падчас патрулявання яны маглі зайсці на літоўскі бок на адлегласць да двух метраў і адразу ж вярнуцца ў Беларусь", — паведаміла пагранслужба.
Улады Літвы запатрабавалі ад беларускага боку неадкладнага тлумачэння здарэння і заклікалі прыняць усе неабходныя меры, каб падобныя інцыдэнты не паўтараліся ў будучыні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.