Трамп сказаў Зяленскаму, каб Украіна і РФ самі дамовіліся пра завяршэнне вайны

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп / Anna Moneymaker / Getty Images
Украіна і Расія павінны самі вырашыць, як завяршыць вайну. Пра гэта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у гутарцы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, піша New York Times, спасылаючыся на ўласныя крыніцы.
Паводле выдання, Трамп памяняў пазіцыю ў адносінах да расійска-ўкраінскай вайны і цяпер заяўляе, што гэта "не яго праблема". Таксама суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што Трамп фактычна адмовіўся ад намераў увесці санкцыі супраць Расіі, калі тая не спыніць баявыя дзеянні. На думку New York Times, гэта сведчыць не толькі аб адсутнасці ціску ЗША на Расію, але і пра раскол паміж краінамі-чальцамі NATO.
20 траўня Трамп правёў тэлефонныя размовы з Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным. Размову з Пуціным ён назваў вельмі добрай і заявіў, што РФ і Украіна неадкладна пачнуць перамовы аб спыненні агню і завяршэнні вайны.
У сваю чаргу Пуцін назваў размову з Трампам вельмі змястоўнай, вельмі адкрытай і ў цэлым карыснай. Аднак заявіў, што Масква гатовая надалей працаваць з Украінай над магчымым мемарандумам аб мірнай дамове, адзначае hromadske.ua.
Паводле Зяленскага ж, Трамп лічыць самым важным, каб Украіна і Расія пачалі наўпроставыя перамовы. Таксама прэзідэнт ЗША чакае, што Крэмль дасць "адпаведныя сігналы, як ён бачыць спыненне агню і наступныя крокі", заявіў Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.