Тэрмінал Клайпедскага порта прапануе аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў — СМІ

"Беларуськалій"

"Беларуськалій"

Тэрмінал Клайпедскага порта (BKT) прапануе ўраду Літвы заключыць міравое пагадненне і аднавіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз краіну.

Як даведалася інфармагенцтва BNS, гендырэктар BKT Руслан Малінін напісаў ліст прэм'ер-міністру Гінтаўтасу Палуцкасу і ўраду. Ён прапануе адклікаць пазоў з суда ЕС, а ў абмен на гэта ўрад дазволіў бы аднавіць транзіт прадукцыі “Беларуськалія“ праз Літву і тэрмінал BKT.

Ён прапануе "палітычна абгрунтаваную інтэрпрэтацыю" для фактіычнага зняцця санкцый — зрабіць "асаблівы акцэнт на забеспячэнне глабальнай харчовай бяспекі, скарачэнне залежнасці ад экспарту ўгнаенняў з Расіі, а таксама зніжэнне даходаў Расіі ад лагістыкі беларускага калію".

Ва ўрадзе Літвы журналістам BNS заявілі, што нічога не ведаюць пра такую прапанову. Прадстаўнікі ўрада падкрэслілі, што цяпер не вядуцца ніякія абмеркаванні пра магчымае аднаўленні транзіту беларускіх калійных угнаенняў.

Міністр транспарту Эўгеніюс Сабуціс заявіў, што прадстаўнікі бізнесу могуць пісаць і прапаноўваць што заўгодна, "але насамрэч ніякія абмеркаванні не вядуцца".

"Беларуськалій" трапіў пад міжнародныя санкцыі ў 2021 годзе. У чэрвені 2022 года "Беларуськалій", яго тагачасны дырэктар Іван Галаваты і Беларуская калійная кампанія былі ўнесеныя ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза.

Літва з'яўляецца адным з самых зацятых праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.