Сёння працягнецца разгляд справы сенатара Ганны Шарэйкі

Сёння працягнецца разгляд справы сенатара Ганны Шарэйкі

Разгляд справы былога сенатара Ганны Шарэйкі працягнецца 23 лютага ў Вярхоўным судзе Беларусі. Суд пачаўся ў панядзелак. Паводле звестак следства, гендырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі на працягу некалькіх гадоў давала незаконныя ўказанні падначаленым, якія ўваходзілі ў конкурсную камісію. У выніку, кармы і дабаўкі набываліся ў замежнай фірмы па завышаных коштах. Страты, нанесеныя прадпрыемству, ацэненыя на суму 4 млрд рублёў. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што Шарэйка, дзякуючы гэтай сваёй дзейнасці, змагла вельмі хутка пабудаваць катэдж плошчай 240 квадратных метраў, купіла элітную бытавую тэхніку. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі".

На судзе было абвешчана, што кармы, якія набываліся, праводзіліся па дакументах праз тры фірмы запар, а фактычна купляліся ў адной. Да ўсіх іх меў дачыненне грамадзянін Літвы Вальдэмарас Норкус. Розніца паміж першапачатковай і канчатковай цаной заставалася на рахунках кампаній, падкантрольных замежніку і яго партнёраў, сцвярджае пракурор. Было заяўлена, што літовец меў блізкія адносіны з Ганнай Шарэйкай.

На паседжанні ў панядзелак суд адмовіў у вызваленні Шарэйкі з-пад варты пад хатні арышт. Пад вартай знаходзяцца 5 чалавек з 7 абвінавачаных. Большасць з іх працавалі на птушкафабрыцы: былыя намеснікі гендырэктара Надзея Семчанка і Яўген Канавальчанка знаходзяцца за кратамі, яшчэ двое працаўнікоў прадпрыемства — пад падпіскай аб нявыездзе. Сярод абвінавачаных — згаданы уласнік і дырэктар закрытага акцыянернага таварыства "Даймас" Вальдэмарас Норкус (суд адмовіў яму ў прадастаўленні бясплатных паслуг перакладчыка), гендырэктар ТАА "Руском-Р" Міхаіл Разжывін.
 
У жніўні 2014-га на сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Шарэйку пазбавілі недатыкальнасці.