Сёння пошук "гаманцоў" Лукашэнкі, заўтра — Фонд Прымірэння. Меркаванне

Шукаем "гаманцоў" рэжыму Лукашэнкі, а што мы будзем з імі рабіць заўтра?
Ініцыятыва BELPOL выдала чарговае расследаванне, гэтым разам пра Прэзідэнцкі спартыўны клуб. У ім яны прайшліся і па Аляксандру Машэнскаму, уладальніку кампаніі “Санта”, персона якога, можна сказаць, раскалола дэмакратычны лагер Беларусі.
Былыя сілавікі лічаць, што ў сваім расследаванні яны прадставілі пераканаўчыя доказы таго, што спадар Машэнскі — "гаманец" Лукашэнкі. Што, паводле BELPOL, вельмі дрэнна. Спрачацца з гэтым складана.
Піша Максім Камерэр
Але я ўсё ж паспрачаюся. Хто сёння ў Беларусі не "гаманец" рэжыму? І, уласна кажучы, чаму толькі сёння, а не ў нейкім сівым 2005 годзе? У якіх адзінках вымяраецца "гаманцовасць" таго ці іншага беларуса?
Вось возьмем Машэнскага. Уладальнік буйной кампаніі, бізнэсовец, які доўга і ўпарта будаваў сваю імперыю. Адкрываў працоўныя месцы. Плаціў падаткі. Карыстаўся прэференцыямі рэжыму Лукашэнкі. Багацеў, адным словам.
Ці вось возьмем умоўнага індывідуальнага прадпрымальніка. Адкрыў бізнэс. Плаціў падаткі, можа, часам ухіляўся і недаплочваў. Але таксама ў выніку карміў сістэму Лукашэнкі.
Ды нават возьмем звычайнага пенсіянера, які купляў прадукты ў краме. Можа, нават выпушчаныя кампаніяй згаданага спадара Машэнскага! Таксама, атрымліваецца, карміў сістэму, папаўняючы гаманец "гаманца" Лукашэнкі.
Ці не здаецца вам, што гэта нейкае замкнёнае кола? Прычым заганнае?

Я не заклікаю цяпер спыняць пошукі "гаманцоў" Лукашэнкі. Гэта важная праца, асабліва, калі яны працуюць на вайну Расіі супраць Украіны.
Але я прапаную зірнуць у бліжэйшую будучыню, калі не стане Лукашэнкі, а ў Беларусі з’явіцца акно магчымасцей, якім мы скарыстаемся.
Што мы будзем рабіць з "гаманцамі" і з намі ўсімі, хто плаціць падаткі, купляе тавары ў крамах, нерухомасць у братоў Карычаў у Мінск-Міры?
Мне здаецца, што я маю для вас адказ. А давайце ў Новай Беларусі створым Фонд Прымірэння як маральны шлях у новую будучыню!
Гэта не спроба адкупіцца ад грахоў мінулага жыцця, гэта спроба вярнуць маральны баланс у беларускае грамадства.
Бізнэсы, якія сёння абвінавачваюць у "гаманцовасці рэжыму", могуць добраахвотна ўносіць сродкі ў фонд. Грошы з якога пойдуць тым, хто пацярпеў: палітвязням і іх сем’ям, людзям, якія былі вымушаныя з’ехаць, тым, хто страціў працу, дом, здароўе, жыццё…
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.