Святлана Ціханоўская выступіла за скасаванне смяротнага пакарання ў Беларусі
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская выказалася за скасаванне смяротнага пакарання ў Беларусі. Нагодай для такой заявы стаў Дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ў свеце 10 кастрычніка. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл нагадала, што Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе смяротнае пакаранне ўжываецца ў якасці выключнай меры пакарання. І Аляксандр Лукашэнка "толькі павялічвае колькасць артыкулаў Крымінальнага кодэкса, за якія можа прызначацца смяротнае пакаранне".
Між тым, цывілізаваныя краіны прызналі, што чалавечае жыццё і права на яго з'яўляюцца самай вялікай каштоўнасцю. Дэмакратычная Беларусь таксама павінна прытрымлівацца гэтага прынцыпу.
"Я катэгарычна асуджаю прымяненне смяротнага пакарання і лічу, што яно павінна быць скасаванае. Мы хочам бачыць Беларусь еўрапейскай краінай, дзе правы чалавека паважаюць, а правасуддзе вяршыцца па прынцыпах справядлівасці і гуманнасці. Таму пасля дэмакратычнага транзіту ўлады падобнае пакаранне ў нашай краіне павінна знікнуць назаўжды", — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, у сакавіку 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці". Гэты закон прадугледжвае смяротнае пакаранне для чыноўнікаў і вайскоўцаў за здраду дзяржаве. Адзначым, што паводле адкрытых звестак у перыяд з 1990 па 2021 гады ў Беларусі было расстраляна звыш 400 чалавек, асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Пры гэтым вядома толькі пра тры выпадкі памілавання (калі расстрэл замянілі на пажыццёвае пазбаўленне волі).