Сустрэча ўкраінскай і расійскай дэлегацый у Стамбуле завяршылася — СМІ

Перамовы Украіны і Расіі прайшлі ў Стамбуле / AP
Перамовы паміж Украінай і Расіяй у Стамбуле завяршыліся, перадаюць СМІ. Яны працягваліся каля дзвюх гадзін. Некаторыя расійскія СМІ, аднак, сцвярджаюць пра паўзу ў перамовах.
Украінская дэлегацыя ацаніла патрабаванні Расіі як нерэалістычныя, перадае інфармагенцтва Reuters. Гаворыцца, што яны "выходзілі далёка за рамкі ўсяго, што абмяркоўвалася раней". У прыватнасці, расіяне патрабавалі, каб Украіна адвяла свае войскі з усіх анэксаваных Расіяй тэрыторый (Херсонскай, Запарожскай, Данецкай і Луганскай абласцей) у абмен на спыненне агню. Як заявіла крыніца Reuters, былі і іншыя непрымальныя ўмовы.
Як паведамлялася раней, Уладзімір Пуцін адмовіўся ехаць на перамовы ў Турцыю: расійскую дэлегацыю ўзначаліў яго памочнік Уладзімір Мядзінскі.
Каментуючы перамовы ў Турцыі, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што разлічваў на рэальны шанец зрабіць крок да завяршэння вайны: "На гэтым тыдні мы мелі рэальны шанец распачаць важныя крокі для завяршэння гэтай вайны, калі б толькі Пуцін не пабаяўся прыбыць у Турцыю. Учора я быў у Анкары, і я быў гатовы да прамой сустрэчы з Пуціным альбо ў Анкары, альбо ў Стамбуле, але ён ні на што не пагадзіўся".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.