Суд скасаваў дэпартацыю маці Ваданосавай: сямейныя абставіны ўратавалі яе

Сям'я Ваданосавых

Сям'я Ваданосавых / Euroradio

28 кастрычніка суд у Варшаве адмяніў рашэнне аб высылцы маці Кацярыны Ваданосавай у Літву. Падтрымаць Нэлі Ваданосаву на пасяджэнне ў Варшаўскім адміністрацыйным судзе прыйшло каля чатырох дзясяткаў чалавек. Суддзя прызналася, што не чакала такой цікавасці да справы.

— Дзякуй вам вялікі. Без вас не ведаю, які быў бы вырак. Для нас гэта вельмі важна. Я перад вамі ў неадплатным даўгу. Вы зрабілі агромністую справу, — сказала Кацярына Ваданосава пасля суду.

Падчас пасяджэння Нэлі Ваданосава прадстаўляла сябе сама, без адваката. Яе перакладчыцай была кіраўніца “Белсата” Аліна Коўшык.

У сваёй прамове 74-гадовая беларуска згадала, што мусіла пакінуць краіну праз палітычны ціск. Пасля вобшуку супрацоўнікаў КДБ у яе здарыўся інфаркт. Сілавікі канфіскавалі маёмасць. Сям’я Ваданосавых стала хутка шукаць магчымасці, каб Нэлі магла пакінуць Беларусь, і адзіным на той момант выйсцем было атрыманне літоўскай візы.

Суд скасаваў дэпартацыю маці Ваданосавай: сямейныя абставіны ўратавалі яе
Аліна Коўшык і Нэлі Ваданосава

У Беластоку Нэлі жыве разам з сям’ёй Кацярыны. Яны сабе наўзаем дапамагаюць. Пасля інфаркту ў беларускі пачаліся праблемы з суставамі — “нават сама прычасацца не можа”.

— Я вельмі прашу, пашкадуйце ўдаву. Я ў Літве прападу. У мяне там нікога няма, — звярталася Нэлі да суддзі.

Прадстаўнік Рады да справах бежанцаў у Польшчы нагадаў, што рашэнне аб дэпартацыі было вынесена праз тое, што Літва з’яўляецца бяспечнай краінай, а Нэлі можа падтрымліваць кантакт з сям’ёй адтуль. Выказалася Рада і наконт стана здароўя беларускі.

— Рада не сумняецца ў сур’ёзнасці стану здароўя заяўніцы. Але кардыялагічныя праблемы, інфаркты, рэўматалагічныя і артапедычныя праблемы з'яўляюцца хваробамі ладу жыцця і тычацца значнай колькасці людзей ва ўзроставай групе заяўніцы, якія нармальна функцыянуюць з гэтымі захворваннямі.

Суд жа ў абгрунтаванні рашэння падкрэсліў, што Рада не ўзяла пад увагу сямейныя абставіны Ваданосавых, што з’яўляецца парушэннем. Дадаткова суд назваў рашэнне аб дэпартацыі “нядбайным” праз шэраг памылак у пастанаўленні.

Сёння ўвечары Ваданосавы могуць спакойна разам павячэраць. Сама Нэлі не чакала такой падтрымкі ад беларусаў і палякаў.

Суд скасаваў дэпартацыю маці Ваданосавай: сямейныя абставіны ўратавалі яе

— Вельмі прыемна, што людзі так адгукнуліся.

Нэлі кажа, што ў іх у сям’і ўсе працуюць. Яна дапамагае даглядаць дзяцей (малодшы унук мае аўтызм) нягледзячы на свае хваробы, якія абвастрыліся пасля вымушанага пераезду.


Гісторыя сям’і Ваданосавых

Кацярына Ваданосава — музыка і тэлевядоўца — была вымушана пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед. Яна жыве ў Беластоку разам з мужам і двума дзецьмі. У 2022 годзе атрымала анкалагічны дыягназ: прайшла праз аперацыю, хіміятэрапію, прамянёвую тэрапію, працягвае гарманальную тэрапію.

Летась да яе маці ў Беларусі прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Пасля гэтага ў жанчыны здарыўся інфаркт. Кацярына вырашыла тэрмінова забраць маму да сябе. Як распавядала беларуска ў інтэрв’ю Радыё Свабода, Польшча тады не выдавала візы, таму прыйшлося зрабіць літоўскую.

Тады Кацярына, каб пазбегнуць “Дубліна”, папрасіла маці прыехаць па гэтай візе наўпрост у Польшчу і падацца на міжнародную абарону. У выніку, беластоцкая памежная служба перанакіравала справу ў Літву.

Сям’я падала апеляцыю, але яна не дала выніку. Тады яна звярнуліся ў Ваяводскі суд у Варшаве, дадаўшы да справы шэраг дакументаў, у тым ліку, пра лекаванне Кацярыны ў Беластоцкім цэнтры анкалогіі і спраўкі, што яе дзеці вучацца ў польскай школе.

Суд скасаваў дэпартацыю маці Ваданосавай: сямейныя абставіны ўратавалі яе

Суд быў прызначаны на 28 кастрычніка, але 30 верасня супрацоўнікі памежнай службы Польшчы ўручылі Нэлі ліст пра тое, што яна павінна прыехаць у варшаўскі аэрапорт для дэпартацыі ў Літву 6 кастрычніка. Будучы ў стрэсавай сітуацыі, жанчына падпісала гэты ліст.

— Адпаведная папера з суда аб тым, што справа будзе разглядацца, не паспела дайсці да памежнікаў. Адпаведна, галоўная Каціна заслуга — гэта тое, што фармальна праз адвакатаў мы паспелі патрэбныя паперы данесці, — распавёў зяць Нэлі. — Усе фармальныя патрабаванні мы паспелі зрабіць, бо заставалася два дні.

Гэтыя дзеянні дапамаглі сям’і прыпыніць дэпартацыю Нэлі ў Літву.


“Трэба проста быць чалавекам”

Кейс Нэлі Ваданосавай ужо чарговы з тых выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі праз палітычны пераслед былі вымушаныя ўцякаць з краіны маючы літоўскія візы, але праз сямейныя абставіны падаюцца на міжнародную дапамогу ў Польшчы. 

Літаральна тыдзень перад падобнае пасяджэнне праходзіла па справе Наталлі Падлеўскай, якую польская памежная служба ўжо паспела дэпартаваць у Літву па Дублінскім пагадненні. Але суд скасаваў гэтае рашэнне. Беларуска можа падавацца на міжнародную ахову ў Польшчы.

Еўрадэпутатка Малгажата Гасеўска, якая прысутнічала на абодвух працэсах, сказала Еўрарадыё, што Дублінскае пагадненне не перашкаджае разглядаць кожную справу індывідуальна.

— Аказанне дапамогі ў Польшчы не супярэчыць палажэнням Дублінскага пагаднення. Гэтыя два аспекты не з'яўляюцца несумяшчальнымі. Дастаткова падыходзіць да кожнай справы індывідуальна, удзельнічаць, быць праактыўнымі і, перш за ўсё, разумець цяжкае становішча беларусаў, якія ўцякаюць ад пераследу Лукашэнкі.

Суд скасаваў дэпартацыю маці Ваданосавай: сямейныя абставіны ўратавалі яе
Малгажата Гасеўска і Кацярына Ваданосава

Паводле яе, галоўнае ведаць, як працуюць польскія консульствы ў Беларусі і колькі часу патрабуецца, каб атрымаць візу.

— Гаворка ідзе пра веданне асноў усіх гэтых працэдур, пра разуменне таго, што чалавек, які ўцякае з Беларусі, звычайна не мае іншага выбару, акрамя як уцякаць праз Літву. А паколькі ў яго ёсць сям'я ў Польшчы, ён, відавочна, павінен атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы. Тут няма неабходнасці мяняць правілы — трэба проста быць чалавекам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.