Студэнты ЕГУ выказваюць сваю салідарнасць з Аляксандрам Атрошчанкавым
Студэнты і моладзевая ініцыятыва StudAlliance звярнуліся з адкрытым зваротам да грамадзянскай супольнасці.
Атрошчанкаў з'яўляецца студэнтам 3 курса ЕГУ. "Мы перакананы, што Аляксандр Атрошчанкаў быў асуджаны выключна па палітычных матывах", - гаворыцца ў звароце.
"Відавочна, што Аляксандр Атрошчанкаў, як і іншыя палітычныя зняволеныя, стане прадметам гандлю беларускага рэжыму ў абмен на прэферэнцыі. Такога кшталту "сярэднявечная палітыка" абсалютна не прымальная ў 21 стагоддзі. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення нашага калегі і іншых палітычных зняволеных", - гавораць аўтары звароту.
Студэнты ЕГУ нагадваюць пра Мікалая Дзядка, які знаходзіцца пад арыштам ужо 5 месяцаў, у адносінах да якога абвінавачванне ўсё ніяк не можа сабраць доказы яго дачынення хоць да якога-небудзь правапарушэння або злачынства. Акрамя таго, студэнты выказваюць салідарнасць з выкладчыкам ЕГУ Аляксандрам Фядутай, які знаходзіцца пад арыштам у СІЗА КДБ і студэнткай ЕГУ Анастасіяй Палажанкай.
"Мы заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць не быць абыякавымі да гэтай праблемы. Мы спадзяемся, што ў гэту адказную хвіліну не будуць зачынены вочы на праблему парушэння правоў чалавека ў Беларусі, зневажэнне асобы і парушэнне прынцыпаў міжнароднага права",- кажуць аўтары звароту.