Стральба ў баптысцкай царкве ў ЗША, загінулі 26 чалавек

Стральба ў баптысцкай царкве ў ЗША, загінулі 26 чалавек

У выніку стральбы ў баптысцкай царкве ў Тэхасе (ЗША) загінулі 26 чалавек, дзясяткі былі параненыя. Стралка пазней знайшлі мёртвым у аўтамабілі (спачатку гаворка ішла пра самазабойства, пасля паведамілі, што яго застрэліў адзін з грамадзян). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Дэвін Патрык Келі (а менавіта так завуць мужчыну) раней служыў у войску, у Ваенна-паветраных сілах, але з ганьбай быў звольнены, трапіў пад суд за збіццё жонкі і дзіцяці. Адсядзеў 12 месяцаў за кратамі, у 2014-м выйшаў на волю.

Як інфармуе “Бі-Бі-Сі”, трагічнае здарэнне адбылося ў царкве ў гарадку Сазерленд-Спрынгс, у якім жыве толькі каля 400 чалавек. Стралок, малады белы мужчына, быў у чорным адзенні, у бронекамізэльцы і з аўтаматычнай вінтоўкай (яе ён купіў летась, падаў пры гэтым пра сябе непраўдзівыя звесткі). Ён увайшоў у будынак, у якім ішло набажэнства (звычайна на ім прысутнічае паўсотні чалавек), і страляў у вернікаў. Загінулым ад 5 да 72 гадоў.

Праваахоўнікі высвятляюць матывы ўчынку стралка.