"Спіс экстрэмістаў" зноў дапоўнілі. Цяпер у ім 3358 прозвішчаў
МУС Беларусі / sb.by
Міністэрства ўнутраных спраў зноў абнавіла спіс асоб, "датычных да экстрэмісцкай дзейнасці". 29 верасня ў яго ўнеслі яшчэ 34 чалавекі.
Сярод іх асуджаны за самвыдат "Вестники" Андрэй Фамін, 17-гадовы фігурант справы "Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта" Алег Дабрыднеў, слесар Алег Кардаш.
На сёння ў пераліку 3358 прозвішчаў. З пачатку года ён павялічыўся на 1095 радкоў.
У спіс дадаюць палітычных праціўнікаў Лукашэнкі, а таксама зняволеных, асуджаных па палітычных матывах. Першым гэта закрывае доступ да фінансавых аперацый на тэрыторыі Беларусі. Для другіх робіць больш жорсткімі ўмовы знаходжання за кратамі.