Спецыяльны трыбунал па агрэсіі Расіі супраць Украіны будзе судзіць і Лукашэнку

Александр Лукашенко

У Львове дадзена “зялёнае святло” міжнароднаму суду / hibiny.ru

9 мая ў Львове адбылася выязная сустрэча Рады Еўрасаюза па знешніх справах, на якой было прынята рашэнне стварыць міжнародны суд, што будзе расследаваць незаконную расійскую агрэсію супраць Украіны. Сярод абвінавачаных будзе і Аляксандр Лукашэнка, піша “Еўрапейская праўда”.

Беларусь надала для расійскай агрэсіі сваю тэрыторыю, інфраструктуру, ваенныя базы і г.д., і даказаць віну Лукашэнкі, які асабіста даваў на гэта дазвол і падтрымліваў агрэсію, не ўяўляецца складаным, сцвярджаецца ў артыкуле “Еўрапейскай праўды”. Аднак, паколькі ён юрыдычна і фактычна з'яўляецца кіраўніком дзяржавы — на яго распаўсюджваецца частковы імунітэт: працэс прыпыніцца пасля абвяшчэння абвінавачання.

Прынята прынцыповае палітычнае рашэнне, якое для дзяржаў ЕС было важна зафіксаваць публічна. У тым ліку — каб абараніцца ад ціску з боку ЗША, роля якіх у гэтым працэсе пакуль незразумелая.

"Мы ствараем гэты трыбунал, таму што беспакаранасць за здзейсненыя злачынствы недапушчальная. Лідары, якія вырашылі адправіць салдат ва Украіну, таксама павінны быць пакараныя. Калі не будзе пакарання — гэта паўторыцца", — заявіла ў Львове Кая Калас, высокі прадстаўнік ЕС па знешняй і бяспечнай палітыцы.

"Мы чакаем, што трыбунал можа пачаць працу ўжо ў 2026 годзе", — падкрэсліваюць крыніцы ў Кіеве.

Аднак фармальны запуск не гарантуе, што прысуды з’явяцца гэтак жа хутка.

"Гаворка ідзе пра тое, што ў 2026 годзе суд пачне распрацоўваць уласныя правілы, фарміраваць рэестр суддзяў і гэтак далей. Было б добра, каб і першыя расследаванні пачаліся ў 2026 годзе, але гэта — аптымістычны план", — прызнаў адзін з суразмоўцаў “Еўрапейскай праўды”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.