Спецыяльная камісія вырашыць лёс "несанкцыянаванай" мінскай бярозы
Дрэўца вырасла ў падземным пераходзе ў раёне станцыі метро Якуба Коласа / "Минск Новости"
У Мінску спецыяльная камісія будзе вырашаць лёс "несанкцыянаванай" бярозы, якая вырасла ў падземным пераходзе ў раёне станцыі метро Якуба Коласа.
Дрэўца расце пад шкляным дахам перахода ля выхаду да цэнтральнага сталічнага ўнівермага. Яно ўжо моцна разраслося, і пад дахам становіцца цесна, расказваюць "Минск Новости". Але пакуль ніхто не разумее, хто павінен заняцца яго лёсам.
"У Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з якім удалося звязацца, патлумачылі: усё не так і проста. Існуе парадак выдалення аб'ектаў расліннага свету. Як высветлілася, ЖКГ, як і "Зелянбуд" Савецкага раёна, да гэтага пытання дачынення не маюць", — пішуць журналісты.
Ім удалося высветліць, што бяроза знаходзіцца ў падпарадкаванні прадпрыемства "Гараўтамост". Але аказалася, што для вырашэння лёсу дрэва трэба будзе сабраць спецыяльную камісію! Толькі яна можа вырашыць лёс выпадкова выраслай бярозкі.