Што вядома пра кіроўцу, які ўехаў у натоўп у Нью-Ёрку
Кіроўца, які ўрэзаўся ў натоўп на Таймс-сквер у цэнтры Нью-Ёрка, заявіў, што чуў галасы.
Паліцыя арыштавала 26-гадовага ветэрана ВМС Рычарда Рохаса, якога да гэтага двойчы затрымлівалі за п'янае кіраванне, перадае Бі-Бі-Сі. Яму выставілі абвінавачанні ў забойстве і замахах на забойства і парушэнні ПДР, што прывяло да ахвяраў, пры абцяжваючых абставінах.
Чакаецца, што ў пятніцу адбудзецца суд над Рохасам.
Паводле інфармацыі агенцтва Associated Press, мужчына разлічваў памерці пасля нападу. Пры арышце, як перадае Reuters, Рохас крычаў: "Вы павінны былі застрэліць мяне! Я хацеў іх забіць".
Як паведамлялася раней, пры наездзе аўтамабіля на перапоўнены людзьмі тратуар загінула 18-гадовая дзяўчына, яшчэ 22 чалавекі атрымалі раненні.
Паводле папярэдніх звестак, у момант наезду Рохас знаходзіўся пад уздзеяннем марыхуаны. Аналізы паказалі, што алкаголю ў яго арганізме не было.