Шосты пакет санкцый ЕС з нафтавым эмбарга па-ранейшаму не ўзгоднены
Шосты пакет санкцый Еўрасаюза з нафтавым эмбарга па-ранейшаму не ўзгоднены. Пра гэта паведаміў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. У панядзелак сустракаліся міністры замежных спраў краін ЕС. Як піша "Бі-Бі-Сі", Барэль яшчэ раніцай быў настроены песімістычна (на відэа).
Новы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі і нафтавае эмбарга былі анансаваны амаль два тыдні таму. Аднак з таго часу 27 краін ЕС так іх і не ўзгаднілі. Венгрыя заняла жорсткую пазіцыю: за згоду на нафтавае эмбарга патрабуе значную кампенсацыю і час. Спробы Еўракамісіі паразумецца з прэм'ерам Віктарам Орбанам выніку пакуль не далі.
Далей спробу дамовіцца зробяць паслы краін ЕС, кажа Барэль. Калі ў іх не атрымаецца, Орбана на саміце 30-31 траўня будуць пераконваць асабіста кіраўнікі краін Еўрасаюза.
Жазэп Барэль заявіў, што на саміце 16 траўня былі зацверджаны дадатковыя 500 мільёнаў еўра ваеннай дапамогі Украіне.