СБУ заявіла пра паражэнне 41 самалёта стратэгічнай авіяцыі РФ

Дроны, якімі СБУ атакавала расійскія аэрадромы / СБУ
41 самалёт расійскай стратэгічнай авіяцыі ўдалося паразіць падчас аперацыі "Павуцінне". Пра гэта заявіў кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк.
Ён адзначыў, што былі атакаваныя адразу чатыры вайсковыя аэрадромы — Белая, Дзягілева, Аленья і Іванава. Украінскія дроны паразілі такія самалёты, як А-50, Ту-95, Ту-22 М3 і Ту-160.
Малюк падзякаваў усім супрацоўнікам службы, прыцягнутым да гэтай спецаперацыі, і заявіў, што ўсе яе ўдзельнікі ўжо даўно знаходзяцца ва Украіне.
Спецаперацыя "Павуцінне" была праведзеная Службай бяспекі Украіны 1 чэрвеня. Украінскія дроны атакавалі расійскія вайсковыя аэрадромы — у тым ліку ў самай глыбі краіны, у Сібіры. Дзякуючы гэтаму ўдалося паразіць 34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет на аэрадромах базавання.
Як піша hromadske.ua, аперацыю рыхтавалі больш за паўтара года. СБУ спачатку пераправіла ў Расію FPV-дроны, потым — мабільныя драўляныя домікі, у якія пазней схавалі дроны. Іх фурамі даставілі да аэрадромаў і дыстанцыйна адкрылі, запусціўшы дроны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.