Сайт "Прессбола" заблакавалі за архіўнае фота футбаліста з "чорнага спісу"
Адзін з нумароў "Прессбола" ад лета 2020-га / TUT.by
Сайт "Прессбола" заблакавалі за архіўнае фота футбаліста з "чорнага спісу" Мінспорту Беларусі. Пра гэта даведалася Беларуская асацыяцыя журналістаў.
"Палітычны" недагляд кагосці з тэхнічных супрацоўнікаў рэдакцыі чыноўнікі заўважылі ў навіне пра пляжны футбол. Яе праілюстравалі архіўным фота ўдзельнікаў нацыянальнай зборнай Беларусі, сярод якіх фігураваў "нелаяльны" гулец. Гэта і стала нагодай для таго, каб забаніць увесь спартыўны рэсурс. "Трыбуна" дадае, што гаворка пра Іллю Савіча. Таксама, па звестках выдання, пытанні ўзніклі да навін пра лёгкаатлетку-палітуцякачку Крысціну Ціманоўскую.
Мінінфарм паведаміў пра тое, што абмежаваны доступ да сайта спартыўнай газеты "Прессбол" (pressball.by), 16 чэрвеня. Там падчас "маніторынгу" чыноўнікі знайшлі парушэнне заканадаўства. Цяпер навіны выданне змяшчае ў Telegram і Facebook.
У "чорны спіс" спартыўныя функцыянеры ўключылі футбалістаў, якія ў 2020-м на відэа сказалі "Мы супраць гвалту!", і ім гэтага не могуць дараваць. З імі ці скасаваныя, ці не заключаныя кантракты. За палітычную пазіцыю іх пазбавілі магчымасці займацца спортам. Гулец БАТЭ Станіслаў Драгун вымушаны быў скончыць кар'еру.