Зніклых у Гімалаях беларускіх альпіністаў не шукаюць, бо няма грошай
Пра гэта паведаміў сябра мінскага горнага клуба "Хан-Тэнгры" Аляксей Пушкоўскі.
Нагадаем, з 8 траўня няма сувязі з двума беларускімі альпіністамі — Мікалаем Бандалетам і Сяргеем Сіўцом, чальцамі клуба "Хан-Тэнгры". Яны падымаліся на адну з самых недаступных вяршыняў свету — Тулагі вышынёй 7.029 метраў у Непале. Дагэтуль узяць яе не ўдавалася ніводнаму чалавеку.
З 13 траўня зніклых шукалі на верталёце, адзначае БелаПАН. 15 траўня на вышыні 6300 м з верталёта быў выяўлены намёт з рэчамі альпіністаў і ланцужок іх слядоў, якія ішлі на грэбень. Наземныя пошукі не атрымалася арганізаваць з-за непагадзі. З той жа прычыны не далі вынікаў паўторныя вылеты верталёта.
Цяпер арганізатары пошукаў вымушаныя вырашаць, як аплаціць ужо праведзеныя працы. Для збору сродкаў на пошукава-выратавальныя працы адкрыты дабрачынныя рахункі, на якіх сабрана 17,5 тысяч долараў. Дадаткова на ўжо праведзеныя працы патрабуецца яшчэ каля 13 тысяч долараў.