Выдачу звестак Беларусі абмяркуюць на ўзроўні Еўрасаюза
Пра гэта на сустрэчы з беларускімі грамадскімі дзеячамі паведаміў дэпутат літоўскага Сейма Эмануэліс Зінгерыс.
Па словах Зінгерыса, якія перадае партал DELFI, пра гэта ён дамовіўся са сваім польскім калегам Анджэем Галіцкім. Выдача звестак недэмакратычным дзяржавам і аддзяленне палітычнай інфармацыі ад крымінальнай будзе ўключанае ў парадак дня сустрэчы кіраўнікоў камітэтаў па замежных справах краін Еўрасаюза. Яна пройдзе 5 верасня ў Варшаве.
У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў Літве, праваабаронцы, журналістка Наталля Радзіна, якая нядаўна папрасіла палітычнага прытулку ў Літве. Яна ў прыватнасці заявіла, што ў Літве і Польшчы скандал з выдачай рахункаў занадта доўга абмяркоўваецца. На фоне гэтага скандалу забываецца ўласна сітуацыя ў самай Беларусі. У прыватнасці, сцвярджае Радзіна, на другі план адыходзіць тэма палітвязняў.