У Магілёве збіраюцца патрабаваць вызвалення экс-кандыдатаў у прэзідэнты

Апазіцыянеры вылучаюць шэраг патрабаванняў, асноўнае з якіх — вызваленне былых кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча.

Акрамя таго, заяўнікі маюць намер патрабаваць спынення крымінальнага пераследу экс-кандыдатаў у прэзідэнты і актывістаў, арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, правядзення расследавання па фактах фальсіфікацыі выбараў.

"Таксама будзем выказваць пратэст супраць прымянення катавання і нечалавечага абыходжання з затрыманымі і арыштаванымі і пратэставаць супраць пераследу актывістаў палітычных партый і грамадскіх арганізацый", — паведаміў БелаПАН каардынатар абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Юрый Новікаў.

Паводле яго слоў, сярод 12 чалавек, якія падпісалі заяўку, — актывісты мясцовых аддзяленняў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, у прыватнасці Партыі БНФ, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Свабоднага прафсаюза.

 Апазіцыянеры маюць намер праводзіць акцыі на працягу трох дзён — 25, 26 і 27 сакавіка.